
Беларуская мытня выканала задачы, пастаўленыя на першае паўгоддзе 2019 года, і вызначылася з перспектыўнымі: у Дзяржаўным мытным камітэце адбылося пасяджэнне Калегіі

На пасяджэнні прысутнічалі кіраўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Прадстаўніцтва мытнай службы Расійскай Федэрацыі пры мытнай службе Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва і прадстаўнікі ДМК, мытняў, ведамаснага Інстытута, Рэспубліканскага саюза ўдзельнікаў мытных адносін і РУП «Белмытнясэрвіс».

Адкрываючы мерапрыемства, Юрый Сенько адзначыў, што задачы, пастаўленыя перад мытнай службай на першае паўгоддзе 2019 года выкананы: «На 100,3% выканана задача па напаўненні даходнай часткі бюджэту, паўсюдна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, працягваецца рэканструкцыя і будаўніцтва аўтадарожных пунктаў пропуску, у тым ліку з прыцягненнем замежнай дапамогі. На завяршальнай стадыі прывядзенне нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з Мытным кодэксам Еўразійскага эканамічнага саюза: выніковая рэдакцыя Закона «Аб мытным рэгуляванні», узгодненая ўсімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі, унесена ў Савет Міністраў».

У ходзе Калегіі ацэнены станоўчы вопыт арганізацыі перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу падчас правядзення ў Беларусі II Еўрапейскіх Гульняў, які будзе ўлічвацца пры падрыхтоўцы і правядзенні ў 2021 годзе ў г. Мінску Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай.

Абмеркаваны і станоўчыя вынікі выканання мытнікамі асобных функцый органаў памежнай службы ў пунктах пропуску «Казловічы», «Гудагай» і «Бігосава». У прыватнасці, у пункце пропуску «Казловічы» павялічылася колькасць транспартных сродкаў, якія афармляюцца мытнікамі, і скараціўся на 10-13 хвілін тэрмін правядзення мытнага і памежнага кантролю ў адносiнах да рухаючыхся праз пункт пропуску аўто.

На Калегіі адзначылі дасягненне высокіх вынікаў у частцы скарачэння тэрміну правядзення мытных аперацый: доля партый тавараў, што вывозяцца з мытнай тэрыторыі ЕАЭС, тэрмін выпуску якіх не перавысіў 5 хвілін, склала 79%, а доля партый тавараў, што змяшчаюцца пад мытную працэдуру мытнага транзіту, час выпуску якіх не перавышае 10 хвілін, - 84%. Дадзеныя вынікі ўжо перавысілі паказчыкі, устаноўленыя Стратэгіяй развіцця на 2019 г.

Дадзена станоўчая ацэнка першым вынікам рэалізацыі пілотнага праекта па перамяшчэнні транзітных грузаў кантэйнернымі цягнікамі па маршруце Навушкі - Брэст. Яго рэалізацыя дазваляе аформіць тавары на падставе электронных звестак без прадстаўлення мытным органам папяровых дакументаў і прастаўлення ў іх адзнак.

Значнай і паспяховай навінай бягучага года стаў і ўнутрырэспубліканскі эксперымент па маніторынгу транзітных перавозак. З лютага 2019 года па цяперашні час ужо ўстаноўлена больш за 300 навігацыйных пломбаў, якія забяспечваюць адсочванне транзітных перавозак на ўсім шляху руху транспартнага сродку. У планах мытнай службы - працягнуць эксперымент па выкарыстанні электронных пломбаў з іншымі дзяржавамі-членамі ЕАЭС..

У завяршэнні Калегіі Старшыня ДМК ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў супрацоўнікам мытных органаў дзяржаўныя ўзнагароды, медалі «За ўклад у развіццё Еўразійскага эканамічнага Саюза», а таксама ведамасныя заахвочванні.

Лепшай па выніках працы ў першым паўгоддзі 2019 года стала Мінская рэгіянальная мытня, якой быў уручаны пераходны вымпел «За высокія паказчыкі па выніках працы».


Падводзячы вынікі Калегіі, Юрый Сенько звярнуўся да калектыву: «Галоўнае цяпер не паменшыць набраныя тэмпы па рэалізацыі важных дзяржаўных задач, адпавядаць эканамічным тэндэнцыям у развіцці дзяржавы, забяспечваючы за кошт праваахоўнай часткі эканамічную бяспеку краіны. Усе перадумовы для гэтага ёсць: у нашага ведамства дастаткова прафесійных кадравых рэсурсаў, сучасных электронных, інфармацыйных і тэхнічных сродкаў, сфарміравана эфектыўная прававая база. Выкарыстанне і прымяненне дадзеных наяўных сіл і сродкаў дазволіць выконваць задачы, якія стаяць перад ведамствам, на высокім узроўні».
