Мытная геральдыка



Ключ як эмблема вядомы з самых старажытных часоў. У Бібліі ключы – сімвалы ўлады і магутнасці, што знайшло адлюстраванне ў эмблеме Рымскага папы і св. Пятра. З часоў сярэднявечча ключы сімвалізавалі бяспеку. Да прыкладу, эмблему ключа можна знайсці на гербах амаль усіх гарадоў і крэпасцяў, стратэгічна ключавых населеных пунктаў (Барысаў, Ліда) або дзяржаў (Куба, Маўрыкій). Вобраз ключоў ў рэлігійнай сімволіцы ствараецца бародкамі ўверх, як ключы «нябесныя». У адрозненні ад іх, ключы бяспекі і кантролю адлюстроўваюцца бародкамі ўніз, што паказвае на зямныя справы.
У геральдычным знаку беларускай мытнай службы ключ азначае мытны кантроль, сілу, якая адкрывае або зачыняе вароты Беларусі, а бародка ў выглядзе «М» – пачатковай літары слова Мытня – падкрэслівае ведамасную і нацыянальную прыналежнасць ключа.
Прыборныя колеры. Яшчэ ў старажытныя часы, тысячы гадоў таму, людзі імкнуліся спазнаць патаемны змест і прызначэнне розных колераў. Яны надавалі ім сакральны сэнс і ўжывалі толькі ў пэўных выпадках і спалучэннях.
Неабходна адзначыць, што каляровыя элементы форменнай вопраткі мытніка – ізумрудна–зялёны (зялёны) і залаты (жоўты), зусім не выпадковыя і нясуць у сабе не толькі практычнае і эстэтычнае, але і глыбока сімвалічнае значэнне.

Ізумрудна–зялёны (зялёны). Згодна з хрысціянскай традыцыяй, зялёны колер – сімвал уваскрэсення і абнаўлення, у свецкім сэнсе – сімвал юнацтва, цвіцення, свабоды, спакою, высакароднасці, гонару, надзеі, багацця і радасці. Многія народы выбралі для сваіх грошай менавіта зялёны колер. Гэта колер надзейнасці і стабільнасці. Гэта колер сярэдзіны, пасярэдніцтва і дапамогі. У Рэспубліцы Беларусь ён таксама частка колераў дзяржаўнага сцяга. Ізумрудна–зялёны (зялёны) – прыборны колер мытнай службы, таму ён з'яўляецца колерам многіх элементаў формы адзення, знакаў адрознення і адзнакі. Упершыню (гістарычна даказаны факт) з'яўленне фуражкі з шэрага сукна з цёмна–зялёным аколышам і светла–зялёнымі кантамі можна аднесці да 1827 г. Яе насіла у той час расійская памежная мытная варта на заходняй мяжы беларускіх губерняў. У наступныя гады гэтая традыцыя замацавалася.
Залацісты (жоўты) колер прыборнага металу мытнай службы перадае колер золата, багацця, удалай камерцыі. Мытная служба Беларусі атрымала. залацісты (жоўты) колер прыборнага металу з 1992 г.








