
Кіроўца грузавога аўто спрабаваў завезці на тэрыторыю ЕАЭС больш за тысячу ўпаковак нетабачнай жавальнай сумесі, схаваўшы ў спальным месцы і сярод асабістых рэчаў (відэа)
У мінулыя выхадныя ў пункт пропуску "Казловічы" з Германіі прыбыў аўтацягнік, які рухаўся з прамысловым грузам на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза.

Кіраваў транспартным сродкам 36-гадовы жыхар г. Брэста, які ў ходзе апытання заявіў службовай асобе мытні аб адсутнасці тавараў для асабістага карыстання, якія падлягаюць дэклараванню.


У выніку правядзення аперацый мытнага кантролю ў кабіне цягача DAF выяўлена 980 упаковак з нетабачнай нікатынавай сумессю. Дадзены тавар быў схаваны ад мытнага кантролю ў спальным месцы на матрацы. Яшчэ больш за 200 упаковак кіроўца транспартнага сродку меў намер незаконна перамясціць праз мяжу ў дарожнай сумцы сярод асабістых рэчаў.
Паводле папярэдняй ацэнкі агульны кошт незадэклараванага тавару склаў звыш 25,5 тыс. беларускіх рублёў.


Схаваны ад мытнага кантролю тавар канфіскаваны да рашэння суда. У дачыненні да яго ўладальніка пачаты адміністрацыйныя працэсы па ч. 2 арт. 14.1 і ч. 1 арт. 14. 5 Каап Рэспублікі Беларусь.
Па матэрыялах Брэсцкай мытні