
«Не ведаў, што тавар вагой 130 кг трэба дэклараваць» або «мяне папрасілі проста перавезці» - як кіроўцы велікагрузаў тлумачылі наяўнасць схаванага ў кабіне тавару
Некалькі спробаў незаконнага ўвозу тавараў на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза вадзіцелямі грузавых транспартных сродкаў спынена гродзенскімі мытнікамі ў пункце пропуску «Бераставіца». Камерцыйныя партыі такіх тавараў, як прадукты харчавання, вітаміны, бытавая хімія, прадметы адзення, абутку і іншыя, схаваныя ў кабінах аўтамабіляў, перамяшчаліся грамадзянамі Беларусі ў камерцыйных мэтах.




Так, жыхар Гомеля «не ведаў», што тавар вагой больш за 130 кг трэба дэклараваць, разам з тым, схаваў яго ў розных паражнінах кабіны аўто. Сярод перамяшчаемых ім шматлікіх тавараў «для асабістага карыстання» толькі прыправаў аказалася больш за 80 пачкаў, больш за 60 набораў шакаладных цукерак, тры дзесяткі шампуняў і іншае.




Яшчэ адзін гамяльчанін, які ажыццяўляе перавозкі ў якасці кіроўцы, у скрыні для інструментаў і пад матрацам спальнага месца вёз «для сябе» больш за 150 туб вітамінаў, два дзесяткі пачкаў кавы і іншыя тавары.


А вось жыхары Гродзенскай і Мінскай абласцей у кабінах грузавых аўто схавалі брэндавую вопратку і абутак, якія кіроўцаў папрасілі перавезці праз мяжу нібыта «незнаёмыя» асобы.




Па ўсіх выяўленых фактах кіроўцы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 14. 5 КаАП Рэспублікі Беларусь.


Па матэрыялах Гродзенскай рэгіянальнай мытні