
Сёння 50% банкаўскіх гарантый паступае ў мытню ў электронным выглядзе. Падобны фармат эканоміць час усіх зацікаўленых удзельнікаў і аптымізуе працэс прадстаўлення гарантый
Беларуская мытня рэалізавала магчымасць прыняцця банкаўскіх гарантый у выглядзе электроннага дакумента.
Дадзенае новаўвядзенне стала магчымым дзякуючы Пагадненню аб інфармацыйным узаемадзеянні ў галіне банкаўскіх гарантый паміж Нацыянальным банкам і Дзяржаўным мытным камітэтам. У цяперашні час ужо 50% банкаўскіх гарантый прадстаўляецца ў мытню ў электронным выглядзе.
Электронны фармат працы прадэманстраваў станоўчыя вынікі для ўсіх зацікаўленых удзельнікаў. Новаўвядзенне дазволіла абмежаваць фізічныя кантакты паміж удзельнікамі працэсу, зэканоміць час і аптымізаваць парадак прадстаўлення банкаўскіх гарантый. Станоўчым момантам з’яўляецца скарачэнне часу для зняцця абмежаванняў па банкаўскіх гарантыях, што, у сваю чаргу, памяншае фінансавыя выдаткі камісіянера, у тым ліку, за кошт аплаты за карыстанне банкаўскай гарантыяй.
Дзяржаўны мытны камітэт нагадвае, што сёння інфармацыйнае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца ў дачыненні да банкаўскіх гарантый, якія прадстаўляюцца ў якасці забеспячэння выканання абавязку па выплаце мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных пошлін, а таксама забеспячэння выканання абавязкаў юрыдычнай асобы, якая ажыццяўляе дзейнасць у сферы мытнай справы, і ўпаўнаважанага эканамічнага аператара.
Гарантыі выканання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі абавязацельстваў у якасці паручыцеляў перад мытнымі органамі таксама могуць быць прадстаўлены банкаўскімі гарантыямі ў электронным выглядзе.