
У двух грузавіках замест папяровых канфеці мытнікі выявілі 690 тысячаў адзінак піратэхнічных вырабаў бытавога прызначэння коштам звыш мільёна рублёў
Супрацоўнікі Брэсцкай мытні выявілі ў канцы 2020 года 690 тысяч незаконна ўезеных з Украіны ў Беларусь навагодніх хлапушак, прызнаных піратэхнічнымі вырабамі.


Праз пункт пропуску "Макраны" на адрас фірмы-атрымальніка, размешчанай на тэрыторыі Мінскага раёна, накіроўваліся транспартныя сродкі SCANIA і RENAULT з прадметамі народнага спажывання.

Пры ідэнтыфікацыі тавараў мытнікі ўстанавілі, што замест указаных у дакументах папяровых канфеці ў грузавых адсеках паўпрычэпаў знаходзіцца звыш 690 тыс. незадэклараваных навагодніх хлапушак розных найменняў. Акрамя таго, у адным з транспартных сродкаў колькасць навагодніх цацак, якія там фактычна знаходзіліся, на 2 тыс. адзінак перавышала заяўленыя звесткі.

Па выніках заключэння эксперта Цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, атрыманага ў студзені 2021, устаноўлена, што незадэклараваныя хлапушкі з'яўляюцца піратэхнічнымі вырабамі бытавога прызначэння забаўляльнага характару тыпу «хлапушка».


У адпаведнасці з заканадаўствам завезці на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь піратэхнічныя вырабы могуць толькі індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы пры наяўнасці дазваленчых дакументаў, якія выдаюцца Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, і, адпаведна, задэклараваўшы іх.
Паводле папярэдняй ацэнкі агульны кошт незаконна перамяшчанага тавару склаў звыш мільёна беларускіх рублёў.


Тавар канфіскаваны да рашэння суда, Брэсцкай мытняй праводзіцца праверка.
Па матэрыялах Брэсцкай мытні