Мытныя органы Рэспублікі Беларусь

Галоўная  >Мытныя органы  >Мытная геральдыка

Мытная геральдыка

Геральдыка – навука, якая вывучае гербы, умоўныя, сімвалічныя відарысы дзяржавы, ведамства, установы, арганізацыі і г.д.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 125 ад 2 сакавіка 2001 г. у мэтах «захавання і развіцця гістарычных традыцый мытных органаў» быў заснаваны геральдычны знак–эмблема – перакрыжаваныя кадуцэй і ключ залацістага колеру, а таксама сцяг мытных органаў Рэспублікі Беларусь – геральдычная эмблема на цёмна–зялёным фоне. Геральдычны знак мае глыбокія гістарычныя карані, цесна звязаны са старажытнымі еўрапейскімі традыцыямі і добра адлюстроўвае спецыфіку дзейнасці мытнай службы.


Кадуцэй або посах, абвіты двума змеямі і ўвенчаны крыламі Меркурыя (жазло Меркурыя), з'яўляецца найважнейшым састаўным элементам сімволікі і геральдыкі мытных службаў многіх краін свету, у першую чаргу еўрапейскіх. Перакрыжаваны з ключом кадуцэй – геральдычны знак мытнай службы Рэспублікі Беларусь. Спіс краін, якія выкарыстоўваюць кадуцэй ў геральдыцы сваіх мытных ведамстваў налічвае дзясяткі пазіцый.


Кадуцей (грэч. Karykeion, лац.Caduceator – парламенцёр, перамоўшчык) – сімвал старажытнарымскага бога Меркурыя (у старажытнагрэцкай міфалогіі – бога Гермеса), весніка багоў, апекуна вяшчальнікаў, паслоў, гандлю і падарожнікаў, шматлікіх рамёстваў і магіі. У руцэ Меркурый трымаў кадуцэй – чароўны посах, які адкрываў яму ўсе шляхі і заспакойваў сустрэчных. Сімвал гэты вельмі старажытны, знойдзены ў Індыі на каменных таблічках перад старажытнымі храмамі. Вядома старажытнагрэцкая легенда аб паходжанні жазла. Калі Гермес наўзамен чароўнай жалейкі атрымаў ад Апалона жазло свету – залаты кій, то адразу вырашыў выпрабаваць яго. Азірнуўшыся, ён убачыў дзвух змей, якія біліся паміж сабою, і прасунуў паміж імі кій. Змеі адразу супакоіліся і абкруціліся вакол кія.


Ключ як эмблема вядомы з самых старажытных часоў. У Бібліі ключы – сімвалы ўлады і магутнасці, што знайшло адлюстраванне ў эмблеме Рымскага папы і св. Пятра. З часоў сярэднявечча ключы сімвалізавалі бяспеку. Да прыкладу, эмблему ключа можна знайсці на гербах амаль усіх гарадоў і крэпасцяў, стратэгічна ключавых населеных пунктаў (Барысаў, Ліда) або дзяржаў (Куба, Маўрыкій). Вобраз ключоў ў рэлігійнай сімволіцы ствараецца бародкамі ўверх, як ключы «нябесныя». У адрозненні ад іх, ключы бяспекі і кантролю адлюстроўваюцца бародкамі ўніз, што паказвае на зямныя справы.

У геральдычным знаку беларускай мытнай службы ключ азначае мытны кантроль, сілу, якая адкрывае або зачыняе вароты Беларусі, а бародка ў выглядзе «М» – пачатковай літары слова Мытня – падкрэслівае ведамасную і нацыянальную прыналежнасць ключа.


Прыборныя колеры. Яшчэ ў старажытныя часы, тысячы гадоў таму, людзі імкнуліся спазнаць патаемны змест і прызначэнне розных колераў. Яны надавалі ім сакральны сэнс і ўжывалі толькі ў пэўных выпадках і спалучэннях.

Неабходна адзначыць, што каляровыя элементы форменнай вопраткі мытніка – ізумрудна–зялёны (зялёны) і залаты (жоўты), зусім не выпадковыя і нясуць у сабе не толькі практычнае і эстэтычнае, але і глыбока сімвалічнае значэнне.

Ізумрудна–зялёны (зялёны). Згодна з хрысціянскай традыцыяй, зялёны колер – сімвал уваскрэсення і абнаўлення, у свецкім сэнсе – сімвал юнацтва, цвіцення, свабоды, спакою, высакароднасці, гонару, надзеі, багацця і радасці. Многія народы выбралі для сваіх грошай менавіта зялёны колер. Гэта колер надзейнасці і стабільнасці. Гэта колер сярэдзіны, пасярэдніцтва і дапамогі. У Рэспубліцы Беларусь ён таксама частка колераў дзяржаўнага сцяга. Ізумрудна–зялёны (зялёны) – прыборны колер мытнай службы, таму ён з'яўляецца колерам многіх элементаў формы адзення, знакаў адрознення і адзнакі. Упершыню (гістарычна даказаны факт) з'яўленне фуражкі з шэрага сукна з цёмна–зялёным аколышам і светла–зялёнымі кантамі можна аднесці да 1827 г. Яе насіла у той час расійская памежная мытная варта на заходняй мяжы беларускіх губерняў. У наступныя гады гэтая традыцыя замацавалася.

Залацісты (жоўты) колер прыборнага металу мытнай службы перадае колер золата, багацця, удалай камерцыі. Мытная служба Беларусі атрымала. залацісты (жоўты) колер прыборнага металу з 1992 г.


Дзяржаўнаму мытнаму камітэту падпарадкаваны 8 мытняў, установа адукацыі "Дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў Рэспублікі Беларусь" і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белмытсэрвіс":

Інфармацыйныя рэсурсы